СТЭРЭАСКАПІ́ЧНЫ ДРУК,

паліграфічны спосаб атрымання аб’ёмных стэрэаскапічных відарысаў на паперы. Бывае двухфарбавы і растравы. Выкарыстоўваецца для выдання наглядных дапаможнікаў, каляровых паштовак, дзіцячых карцінак, для вырабу 2 сюжэтных (зменлівых) відарысаў на значках і сувенірах.

Фатаграфаванне аб’екта робяць з 2 пунктаў (перамяшчэннем фотаапарата) ці з паваротам аб’екта на вугал, адпаведны бачанню двума вокамі. Атрыманыя 2 выявы (стэрэапара) з’яўляюцца арыгіналамі для рэпрадукцыйных працэсаў пры вырабе друкарскіх форм: адна выява прызначана для правага, другая для левага вока. Абедзве выявы-аб’екта ўспрымаюцца бінакулярным зрокам як адна аб’ёмная. Пры двухфарбавым С.д. выкарыстоўваюць сіне-зялёны колер для левага і аранжава-чырвоны для правага вока. Разглядаюць стэрэаадбітак праз спец. акуляры-святлафільтры і бачаць пры гэтым адзін чорна-белы аб’ёмны відарыс. Пры растравым С.д. выкарыстоўваюць лінейны лінзава-цыліндрычны растр для фіксацыі аб’ёмнасці аб’екта пры фатаграфаванні і яго ўзнаўленні на адбітку. Аб’ёмнасць мнагафарбавага адбітка назіраюць праз лінейны лінзава-выпуклы растр.

Літ.:

Ложбанидзе В.А., Ромейков И.В. Объемная печать. Тбилиси, 1981.

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)